НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг. правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.
т. 11, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)